- Accueil
- > Archives pour le Vendredi 29 avril 2011
Мастацкі праект Ірыны Котавай “Уяўны Парыж” ў галерэі БДАМ 29 avril, 2011
Вясёлкавы мост Мiнск – Парыж
З 5 па 13 мая галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прапануе Вашай увазе унікальную ў сваім родзе выставу выпускніцы кафедры графікі 2002 г. Ірыны Котавай, якая свой першы перыяд самастойнай творчасці прысвяціла навуковым даследаванням і мастацкім пошукам пад высокім небам Парыжа. Плён яе вобразных адкрыццяў сканцэнтраваны ў выдатнай серыі пейзажных кампазіцый, створаных у тэхніцы пастэлі, якія дазваляюць гледачу перажыць незабыўнае ўражанне ад розных парыжскіх матываў: набярэжная Сены, Манмартр, Люксембургскі сад, парк Бют-Шамон, і што вельмі фенаменальна, панарама цэнтра Парыжа, упершыню ў гісторыі еўрапейскага гарадскога пейзажа перададзеная мастацкімі сродкамі выразнасці з высокіх дахаў Міністэрства замежных справаў Францыі і іншых знакавых будынкаў французскай сталіцы.
Апрача чыста пейзажных матываў мастачка стварае кампазіцыі, навеяныя яе даследаваннямі ў галіне гісторыі візантыйскага мастацтва, а таксама адухоўленыя вобразамі сучаснікаў, якія жывуць і актыўна развіваюцца як асобы ў агромністым еўрапейскім мегаполісе.
Праект « Уяўны Парыж » ажыццёўлены пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства культуры Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспубліцы Беларусь у Францыі і Пасольства Францыі ў Беларусі, а таксама Беларускага саюза мастакоў. Упершыню парыжская серыя твораў Ірыны Котавай была прадстаўлена ў снежні 2010 г. – студзені 2011 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспубліцы Беларусь.
Прапанаваная экспазіцыя – першы наватарскі зварот І.Котавай да спасціжэння вялікай мастацкай спадчыны і яе сучаснага ўваскрашэння на ўзроўні высокага творчага палёта над дахамі Парыжа. Гэту выставу таксама можна вобразна параўнаць з паветраным вясёлкавым мастом, які сімвалізуе творчы працяг неабмежаваных і плённых беларуска-французскіх сувязей.
У праграме вернісажа, пры падтрымцы і ўдзеле Пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь спадара Мішэля Рэнэры, адбудзецца паказ фільма « Уяўны Парыж » (Беларусь, 2010, рэж. С. Кацьер) і прэзентацыя аднайменнага альбома.
Куратар выставы, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт БДАМ Я.Шунейка.