- Accueil
- > Archives pour le Mercredi 18 mars 2009
Справаздача Францыя ў сэрцы Беларусі 18 mars, 2009
Падзея, якая рыхтавалася даўно і грунтоўна высілкамі дзвюх дзяўчын, нарэшцэ адбылася, і не без поспеху, калі меркаваць па выказваннях прысутных.
Імпрэза Францыя ў сэрцы Беларусі сабрала амаль 200 чалавек у Доме Дружбы, зацікаўленых французскай і беларускай мовай, паэзіяй, культурай.
Паколькі задача была ў тым, каб максімальна аб’яднаць дзве мілагучныя мовы і зацікавіць розную аудыторыю-тых, хто наведвае мерапрыемствы франкафоніі, і тых, хто любіць, але не ведае французскую мову, — то багаты матэрыял і значная колькасць удзельнікаў працягнулі вечарыну на 2,5 гадзіны. Гэты час прайшоў даволі хутка, калі ўлічыць, што чаргаваліся розныя жанры мастацтваў: чытанне вершаў, песні, танец, проста аповяды..
Асобная падзяка акцерам сумеснага тэатральнага праекта асацыяцыі Demain le Printemps і беларускай асацыяцыі Тэатро, якія з імпэтам і душой пачыталі французскія варыянты тэкстаў. І нават праспявалі разам з Кацяй Купалінку па-французску ў канцы імпрэзы, атрымалася вельмі шчыра і песню падхапілі многія прысутныя. Дзякуем за дапамогу рэжысеру Андрэю Саўчанка і кіраўніку з французскага бокуФабрысу Карэ.
Упершыню гучалі на беларускай мове знакамітыя французскія песні Milord і Rien de rien у выкананні непараўнальнай Кацярыны Сакоўскай.
Музыка Яраш Малішэўскі выканаў беларускую народную песню і песню Сяброўскі блюз па-французску (разам з Юліяй Новік) на верш Аксаны Спрынчан. Вадзім Клімовіч агучыў пад гітару яшчэ адзін верш Аксаны і ўласную песню на верш Янкі Купалы А хто там ідзе.
Леанід Дранько-Майсюк распавеў пра здзяйсненне мары наведаць Парыж і гісторыю стварэння эсэ Стомленасць Парыжам.
Зміцер Колас узняў пытанне перакладу і супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання, акцэнтаваўшы важнасць маладых сілаў.
Людміла Рублеўская расказала, якое дачыненне да Францыі маюць героі яе гістарычных раманаў і вершаў.
Юрась Барысевіч прадставіў свае пераклады мадэрновага аўтара « падземкавых вершаў » Жака Жўэ, а таксама пераклады Леры Сом і санетаў Янкі Купалы на французскую мову.
Даша Брыч распачала вечарыну сваім вершам пра катоў, якія лятуць у вырай (натхнены казкай Ж.Амаду), мы пачулі ўпершыню яе пераклады вершаў Максіма Багдановіча.
Валярына Кустава, як заўседы, з асаблівай інтанацыяй і пачуццем, агучыла свае эратычна-паэтычныя фантазіі, натхненыя Парыжам і французскімі аўтарамі, а таксама свой пераклад верша Шарля Бадлера.
Андрэй Хадановіч прадставіў пераклады франкамоўных паэтаў Гіёма Апалінэра, Жэрара дэ Нэрваля, Марыса Карэма (дарэчы, бельгійскі аўтар).
Віка Трэнас прагучала па-французску і дапамагала правесці імпрэзу. Асобная падзяка за натхненне і дапамогу ў арганізацыі і рэкламе.
Перакладчык прозы і выкладчык Леанід Казыра прыемна здзівіў сваімі перакладамі на французскую мову вершаў Рыгора Барадуліна.
Аксана Спрынчан таксама ўпершыню прагучала па-французску і ўпрыгожыла нашу вечарыну.
Яна і Хрысціна Шэляговіч падаравалі ўсім выкананне французскіх танцаў 16 стагоддзя паваны, гальярды і вольты.
Вы можаце яшчэ пабачыць стэнд з беларускімі коміксамі « Блакітны Свін і яму падобныя », намаляванымі Аленай Беланожка, Дашай Цагойка, Васілем Паўлінічам, Даніілам Жугждам, з перакладам на французскую мову.
Вельмі хацелася ўключыць у выступленне іншых цікавых аўтараў і выканаўцаў, таму запрашаем да супрацоўніцтва.
Асобная падзяка Дома Дружбы за прадастаўленне залы і тэхнічнае суправаджэнне, а таксама Амбасадзе Францыі за падтрымку і рэкламу.
Шчырая падзяка за дапамогу Алёне Беланожка, стваральніцы коміксаў і афішаў, якая, на жаль, не змагла выступіць.
Нашых іншых інфармацыйных спонсараў вы можаце знайсці ў ЖЖ Вікі Трэнас або на афішах.
Да сустрэчы на наступных імпрэзах!!
Каардынатар і перакладчык вечарыны,
Новік Юлія /Julie Novik